«Уяўляю раз’юшанасць Лукашэнкі ад неверагодна мужнага ўчынку Міколы Статкевіча»

Гісторык Аляксандр Пашкевіч – пра адмову палітвязня Міколы Статкевіча пакідаць Беларусь пасля вызвалення з турмы.

Па гарачых слядах гісторык адзначыў:

– Уяўляю раз'юшанасць Лукашэнкі ад неверагодна мужнага ўчынку Міколы Статкевіча. Для яго яўна вельмі прынцыпова і важна перамагчы менавіта гэтага свайго праціўніка.

І здавалася б ужо ўсё зроблена, ніякіх нечаканасцяў не прадбачыцца, і нарэшце сёння можна спакойна падняць келіх шампанскага за сваю несумненную палітычную перамогу. І тут раптам на табе... Зноў перамога атрымліваецца з гаркатой.

Нават страшна ўявіць, якую цану давядзецца за гэта заплаціць Статкевічу ў дадатак да і без таго непамернай, заплачанай раней.

Мікалай Статкевіч. Архіўны здымак

Затым Аляксандр Пашкевіч больш падрабязна патлумачыў сваё меркаванне:

– На мой папярэдні пост адразу некалькі чалавек дружна адказалі, што я напісаў лухту – у Лукашэнкі як у чалавека амаральнага няма ніякіх чалавечых пачуццяў, таму ўчынак Статкевіча ніяк крануць яго не можа. Пра раз'юшанасць гаворкі ісці не можа, адзіная ягоная рэакцыя – толькі пасмяяцца і спакойна адправіць Статкевіча даседжваць тэрмін далей.

Я, аднак, не думаю, што гэта так. Лукашэнка сапраўды чалавек выключна амаральны і ніякай нават мінімальнай павагі ў дачыненні да ворагаў, вядома, не адчувае. Не кажучы ўжо пра эмпатыю.

Аднак жа ў яго несумненна ёсць рыса, галоўная для ўсіх дыктатараў – уладалюбцаў – перакананне, што ўсе павінны без пярэчанняў падпарадкоўвацца ягонай волі, і што ён і толькі ён мае права распараджацца чужымі лёсамі па ўласным разуменні.

І раз'юшвае Лукашэнку любая сітуацыя, калі нехта ягонай волі не падпарадкаваўся, а тым больш калі зрабіў гэта дэманстратыўна.

Статкевіч жа менавіта не падпарадкаваўся ягонай волі, і не падпарадкаваўся публічна. Воля Лукашэнкі была – каб ён быў вызвалены і пакінуў тэрыторыю краіны. Ён так вырашыў, і гэта закон, бяжыце выконваць.

А Статкевіч вырашыў інакш, і паставіў на сваім. І яго цяпер, канешне, вернуць у турму, але з гэтага часу знаходзіцца там – гэта ўжо воля і рашэнне не Лукашэнкі, а самога Статкевіча.

Лукашэнка вырашаў іначай, у яго былі іншыя планы, але ягонае рашэнне дэманстратыўна праігнаравана, і гэта бачыў увесь свет, і Пуцін у тым ліку. І вось менавіта гэта б'е па самалюбстве самаўладца.

І што ён з гэтым чалавекам за гэта зробіць? Пагоршыць умовы ўтрымання? Дык ён жа і так утрымліваўся ў максімальна нялюдскіх. Забіць яго ў турме? Але ці баіцца такі чалавек смерці, і ці да яе маральна не гатовы?

Гавораць таксама, што Статкевіч зрабіў памылку і нават глупства. Каму патрэбна гэтая ахвяра, што яна зменіць? Я супраць гэтага не магу пярэчыць, сам таксама думаю, што ягонае жыццё даражэй за прынцыпы і варта было б яго зберагчы. Але важна тое, што гэта жыццё Мікалая Статкевіча, і ён сам свядома ім распараджаецца так, як лічыць патрэбным.

Не чужымі жыццямі, а толькі сваім. Ён безумоўна мае на гэта права. А нам адно толькі застаецца – гэта права за ім прызнаваць. У кожным разе людзей, якія робяць менавіта такі жыццёвы выбар можна не разумець, але павагі за сталёвую волю і самаахвярнасць яны заслугоўваюць.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(9)