Филин

Юлія Кот

Стрыжак: Людзі прыязджаюць у Беларусь — а калі вяртаюцца, даведваюцца, што невыязныя па крымінальных справах

Кіраўнік BYSOL у каментары Филину — пра рост пераследу, які ўлады спрабуюць прыхаваць, і чаму кропкавыя вызваленні не адмяняюць агульных падыходаў рэжыму.

У публічным полі сёння не так многа паведамленняў пра новыя затрыманні, арышты і прысуды па палітычных матывах у Беларусі. Робіцца гэта відавочна наўмысна, улады прыхоўваюць факт рэпрэсій. Аднак праваабаронцы адзначаюць рост пераследу беларусаў.

Як адзначае «Вясна», сілавікі актывізаваліся, бо сканчаюцца тэрміны даўніны па «народным» артыкуле 342 Крымінальнага кодэксу (арганізацыя або ўдзел у дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак ) — суды па гэтых справах пастаўленыя амаль на канвеер.

Сузаснавальнік фонду BYSOL Андрэй Стрыжак дадае: працягваецца і  пераслед па так званай «справе Гаюна» (дакладна вядома пра затрыманне 26 чалавек, але агульная лічба нашмат большая), назіраецца таксама рост «турыстычных спраў» — калі чалавек, нягледзячы на пагрозу арышту, едзе ў Беларусь і яго затрымліваюць. То бок, нават у сезон водпускаў і пры недахопе рук у сілавікоў пераслед не зменшыўся.

Чым можна патлумачыць гэты рост пераследу?

— Беларуская ўлада зараз вядзе гібрыдную палітыку, — зазначае Андрэй Стрыжак у каментары Филину. — З аднаго боку, яны спрабуюць зрабіць добрую міну пры дрэннай гульні, паказаць, што вызваляюць людзей, ідзе нейкая «лібералізацыя».

Агенты ўлады і некаторыя прадстаўнікі дэмакратычных сіл гэта бачаць менавіта так: маўляў, рэжым робіць нешта добрае, давайце будзем яго за гэта ўхваляць.

Андрэй Стрыжак

Але фактычна вельмі моцна заціскаецца любая інфармацыя, якая выходзіць з Беларусі, наконт аб’ёмаў рэпрэсій. Сваякі менш ахвотна дзеляцца гэтымі звесткамі, бо іх запужваюць перспектывамі крымінальных разбіральніцтваў і тым, што будуць ціснуць на іх блізкіх у турмах.

Таму і праваабаронцы, і мы адзначаем, што насамрэч няма ніякага змяншэння рэпрэсій, ці, як я кажу, тэрору (бо па-іншаму нельга назваць тое, што робіцца супраць людзей у Беларусі).

Асобна хацеў бы адзначыць сітуацыю з людзьмі, якія, нягледзячы на ўсе пагрозы, едуць праз мяжу і, на жаль, не ўважаюць гэта за рызыку. Яны прыязджаюць у Беларусь — а калі вяртаюцца, даведваюцца, што невыязныя па крымінальных справах.

Гэта такая новая практыка. Справы заводзяцца якраз па артыкулах, па якіх сканчаецца тэрмін даўнасці, і ў сілавікоў нават не хапае рэсурсаў, каб усіх адразу арыштоўваць і праводзіць адразу разбіральніцтвы.

Таму частцы людзей проста прад’яўляюць абвінавачанне, і яны абмежаваныя ў выездзе. Тут ужо прыходзіцца ўключаць нашыя механізмы, займацца эвакуацыяй.

Хоць мы заўсёды нагадваем: калі ў вас ёсць нейкі пратэсны бэкграўнд, гэта рызыкі, не варта вяртацца ў Беларусь. Аднак некаторыя ўсё адно гэта робяць, што засмучае.

— У такіх абставінах якія парады, рэкамендацыі па бяспецы можна даць беларусам у Беларусі, хто проста не ведае, ці знаходзіцца ён пад рызыкай пераследу?

— Нейкіх стоадсоткавых парадаў, на жаль, тут не дасі. Бо зразумела, што сілавікі працуюць па ўсіх спісах, усіх базах, якія ў іх ёсць, па ўсёй назапашанай за гэты час інфармацыі. У першую чаргу будуць апрацоўваць тое, што трэба тэрмінова (памятаем пра той жа тэрмін даўнасці).

Але важна разумець: нават праз пяць год, пасля якіх сыходзіць тэрмін адказнасці па 342 артыкуле КК, спакойным таксама быць нельга.

Таму што ёсць механізмы перакваліфікацыі, магчымасці прад’яўлення артыкулаў «па наноў адкрытых абставінах» — і дастаткова лёгка ўсё гэта перафарматуецца, як трэба сілавікам. Калі чалавек меў толькі 342 артыкул, яму яшчэ могуць уляпіць у плечы 293 («удзел у масавых беспарадках») і іншыя артыкулы, больш цяжкія, з больш даўгімі тэрмінамі даўнасці.

Так што сам па сабе факт вашага ўдзелу ў нейкіх пратэсных актыўнасцях — гэта пастаянны фактар рызыкі пры знаходжанні на тэрыторыі Беларусі альбо пры перасячэнні мяжы.

І няважна, чаму вы вырашылі ехаць: аформіць спадчыну ці праведаць старых бацькоў, у любым выпадку вы пад пагрозай пераследу.

— І праваабаронцы, і BYSOL падкрэслілі, што рэпрэсіі не сціхаюць. Ці выпадае казаць пра тое, што яны могуць падвысіцца — напрыклад, калі перамовы з ЗША пойдуць не так, як разлічваў рэжым, альбо напярэдадні вучэнняў «Захад»?

— Вучэнні «Захад» — гэта асобны фактар рызыкі. Дзяржава яўна робіць «зачыстку» нелаяльных да сябе элементаў на тэрыторыі Беларусі, бо гэта такі франтавы тыл, які патэнцыйна можа стаць тэатрам баявых дзеянняў для пуцінска-лукашэнкаўскага хаўрусу.

Рэжым разглядае сітуацыю з гледзішча ваеннай мэтазгоднасці. Мы бачым гэта па тым, якія прысуды выносяцца людзям, хто займаўся маніторынгам перамяшчэнняў ваеннай тэхнікі — гэта жорсткія прысуды, вялізныя тэрміны, яны прызначаюцца зусім не з мірнай логікі, не з гледзішча класічнай дыктатуры.

Відаць, што Лукашэнка выслужваецца перад Пуціным: маўляў, у мяне тут усё чыста і ніхто не нясе пагрозы для расійскага акупацыйнага войска.

Гэтыя моманты трэба ўлічваць. І не разнявольвацца, не думаць, што кропкавыя вызваленні — нягледзячы на тое, што гэта знакавыя персоны, — сведчаць пра змену тэндэнцый.

Агульны падыход у Беларусі, на жаль, не мяняецца: людзей саджаюць проста за іншадумства, за тое, што яны маюць пазіцыю, адрозную ад лініі дзеючага рэжыму.

Пра гэта сведчаць і арышты за каментары, за выказванне сваіх думак, так званыя дыфамацыйныя артыкулы, калі людзей саджаюць за нібыта знявагу або паклёп на Лукашэнку ці яго чыноўнікаў. Усе гэтыя практыкі захоўваюцца.

Частка нашага грамадства пачынае сябе самазаспакойваць, ёсць пэўная колькасць дэмакратычных актараў, якія адкрыта кажуць, што рэжым трэба пахваліць або залагодзіць. Але ж мы бачылі гэта ўжо не адзін раз, асабіста я 25 год у гэтай гісторыі. Казаць пра тое, што адбываецца «лібералізацыя», не выпадае.

Рэжым будзе працягваць сваю палітыку роўна да таго моманту, пакуль яна будзе яму выгадная. І пакуль мы бачым па бягучых трэндах, што саджаць людзей яму выгадна, нягледзячы на перамовы ці яшчэ штосьці.

Проста свет таксама мяняецца. Для амерыканскіх партнёраў, сённяшняй адміністрацыі ЗША, ёсць нейкія іншыя прыярытэты, яны па-іншаму глядзяць на свет. І дыктатура таксама спрабуе падладзіцца пад гэтыя погляды. Лукашэнка пры ўладзе ўжо больш за 30 год, ён спрабуе адаптавацца пад кожныя змены, якія адбываюцца ў свеце.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(8)