Скандалы

Што адбывалася за кратамі з затрыманымі па справе аб падрыве расійскага самалёта А-50 у Мачулішчах

Перакладчык і былы палітвязень Сяргей Паўлавіцкі расказаў Нашай Ніве, як за кратамі пазнаёміўся з некаторымі фігурантамі справы аб падрыве расійскага самалёта А-50 на аэрадроме ў Мачулішчах.

У СІЗА КДБ Сяргей сустрэў украінца Мікалая Швяца — афіцыйныя органы яго называлі выканаўцам той дыверсіі:

Мікалай Швец — галоўны фігурант справы аб падрыве расійскага самалёта А-50 на аэрадроме ў Мачулішчах. Скрыншот БТ

«Прывялі хлопца, ён назваў сябе — кажа, Мікола. Слова за слова, і ён сказаў, з якой нагоды ён там — маўляў, я ж самалёт іхні падарваў.

Мікола не лічыў сябе тэрарыстам, ён называў сябе дыверсантам. Казаў, што ён агент службы бяспекі Украіны і што быў падрыхтаваны, каб здзейсніць гэты ўчынак супраць тэхнікі ворага. Не памятаю, каб ён выказваў асаблівую варожасць супраць Беларусі. Ён проста лічыў свае дзеянні абсалютна законнымі [ва ўмовах, калі на Украіну напалі]».

Паўлавіцкі заўважае, што Швец у расказах пра дыверсію ніколі не згадваў іншых людзей. Казаў пра ўсё ў адзіночным ліку — маўляў, я прыехаў у Беларусь, уладкаваўся на працу, здабыў дрон і запусціў яго. Калі ўкраінца пераводзілі з СІЗА КДБ летам 2024-га, ён яшчэ не ведаў, што яго вызваляць, але спадзяваўся на гэта:

«Апошнія месяцы ён жыў чаканнем, што яго забяруць свае. Калі ён ад'язджаў, гэта магло быць што заўгодна — перавод у іншую камеру, іншую ўстанову. Мы яму сабралі торбу належным чынам, паклалі сала і каўбасы, так што паехаў не галодны, не мусіць на нас крыўдзіцца».

Перадачаў у Швяца не было — проста не меў людзей, якія маглі б іх перадаць. Мікалай прасіў перадаць ліст украінскаму паслу, але замест гэтага яму прапаноўвалі гутарку з прапагандыстамі: маўляў, скажаш наўпрост у камеру для Зяленскага ці Буданава. На гэта ўжо не пагаджаўся сам Швец.

У іншай камеры Сяргей пазнаёміўся з яшчэ адным фігурантам той справы, Андрэем Сцяпуркам:

«У момант знаёмства Андрэй адразу сказаў — маўляў, прабач, але я пра сябе нічога расказваць не буду. Калі яго некуды забралі з камеры, мне расказалі, што ў хлопца не ўсё проста, ён завязаны ў нейкіх тэрарыстычных справах, а ў якіх, ніхто асабліва не ведаў. Былі здагадкі, што можа ён звязаны з пейнтбалістамі.

Потым ён расказаў, што ў яго насыпаная прыгаршча артыкулаў. Увесь час яго выклікалі на допыты, і аднойчы ён вярнуўся нейкі задаволены — мы так зразумелі, што яму нешта з тых артыкулаў скінулі».

Калі Швяца вызвалілі і адправілі ва Украіну, Сцяпурка жыў надзеяй на тое, што справа разваліцца — маўляў, якая справа пра тэрарызм без галоўнага «тэрарыста»? Але скончылася тым, што фігурантаў той справы перавялі з СІЗА КДБ у СІЗА №1, дзе яны і знаходзіліся да суда. Па даных праваабаронцаў, цяпер Андрэй Сцяпурка адбывае тэрмін у наваполацкай калоніі №1.

Падчас этапавання Паўлавіцкі сустрэў Дзяніса Сакалова — гэты фігурант справы Мачулішчаў таксама адбывае цяпер тэрмін:

«Дзяніс — чалавек аптымістычны, рашучы, напорысты, вельмі ініцыятыўны. Ён сапраўдны прадпрымальнік, у яго ў галаве пастаянна нараджаюцца нейкія бізнэс-планы.

Былі там і добра распрацаваныя планы, напрыклад, будаўніцтва разумнага дома. Дзяніс дакладна ведаў, якое абсталяванне там будзе стаяць, дзе будуць знаходзіцца датчыкі».

Наколькі вядома, Сцяпурку далі каля 6 гадоў калоніі, Сакалову — 13. Швец быў памілаваны, яго аддалі Украіне.

Нагадаем, раніцай 26 лютага 2023 года на аэрадроме Мачулішчы здарыліся выбухі каля каштоўнага расійскага самалёта дальняй разведкі ДРЛВ А-50, ён быў падарваны ў двух месцах. Ён выкарыстоўваўся для навядзення расійскіх ракет на цэлі ва Украіне.

Пасля самалёт адправілі на рамонт на 325‑і авіяцыйны рамонтны завод, які ўваходзіць у склад Таганрогскага авіяцыйнага навукова-тэхнічнага комплексу імя Берыева ў Расіі.

Па гэтай справе асудзілі 12 чалавек. Мікалаю Швяцу далі 25 гадоў пазбаўлення волі, іншым «саўдзельнікам» — ад 15 да 25 гадоў пазбаўлення волі, а «іншым абвінавачаным па справе» — ад 2 гадоў 3 месяцаў да 15 гадоў. Канкрэтныя прысуды кожнаму з абвінавачаных, акрамя Швяца, не называліся.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 2.5(2)