Пераабраньне безь легітымнасьці: чаму ў 2025 годзе Лукашэнка не пераадолеў «сындром 2020-га»
Шостае пераабраньне Аляксандра Лукашэнкі кіраўніком Беларусі год таму не пераадолела для яго рэжыму «сындром 2020 году», не дало дадатковай легітымнасьці. Пра гэта піша Валер Карбалевіч на Радыё Свабода.
У краінах з недэмакратычнымі рэжымамі выбары перастаюць выконваць функцыю легітымізацыі ўлады. Там на першы плян выходзіць тое, як улада дае раду праблемам і выклікам, якія паўстаюць перад грамадзтвам.
Выбары як сродак пераадоленьня «сындрому 2020 году»
26 студзеня спаўняецца гадавіна апошніх прэзыдэнцкіх выбараў. Іх галоўнай функцыяй з гледзішча ўладаў было пераадоленьне «сындрому 2020 году». Аляксандр Лукашэнка зноў балятаваўся на новы тэрмін, каб даказаць усім, што ён пераможца, можна «перагарнуць старонку» і забыць тое прыкрае непаразуменьне, якое здарылася за чатыры гады да таго.
Прычым, Лукашэнка асабліва не хаваў гэтага падчас кампаніі. Шмат разоў падчас сустрэч з насельніцтвам ён узгадваў падзеі 2020 г., казаў, што, вось, маўляў, шмат з тых, хто пратэставаў, адумаўся, пераасэнсаваў свае паводзіны, пакаяўся. Так ён упэўніваў сам сябе і свой электарат.
Да таго ж, Лукашэнка асабліва не хаваў, што ягоная перамога — гвалтоўная. І дасталася вельмі дарагім коштам для краіны. Але ён не лічыць гэта недахопам. Згодна зь ягоным уяўленьнем, гвалт — гэта паказьнік моцы, прыкмета моцнага палітыка.
Адсюль вынікае ягонае пакланеньне дыктатарам усіх часоў і народаў і рэабілітацыя ў сёньняшняй Беларусі тэрміна «дыктатура». А пераможцаў ня судзяць.
«Перагарнуць старонку» не ўдалося
Але ці атрымаў Лукашэнка тое, чаго хацеў, правёўшы фактычна датэрміновыя выбары?
Хутчэй не, чым так. Пераадоленьне «сындрому 2020 году», «перагортваньне старонкі» не атрымалася. Лукашэнка працягвае фактычна пры кожным выхадзе да беларускай публікі ўзгадваць падзеі таго векапомнага году.
Гэта сядзіць у ягонай сьвядомасьці як стрэмка, бо баліць.
Таму палітычныя рэпрэсіі не спыняюцца, бо зьяўляюцца неабходным элемэнтам захаваньня існага рэжыму. Летась у сьнежні падчас выступу на Ўсебеларускім народным сходзе Лукашэнка, згадваючы апазыцыю, заявіў: «І ня думайце, нідзе вы больш не пераможаце — мы зрабілі высновы з 2020 года. І мы вас будзем бамбаваць, бамбаваць».
Больш за тое, мінулы год адзначыўся актыўным змаганьнем уладаў Беларусі з апазыцыяй у замежжы.
Ці набыў Лукашэнка дадатковую легітымнасьць у выніку гэтых выбараў?
Калі казаць пра ўнутраную легітымнасьць, то далёка ня цалкам. Улада паказала сілу, і тая частка электарату, якая зважае на гэта, прызнала Лукашэнку пераможцам.
Што забясьпечвае легітымнасьць у аўтакратыях
Аднак тут ёсьць адна праблема. У краінах зь недэмакратычнымі рэжымамі, аўтакратыях выбары перастаюць быць асноўным чыньнікам легітымнасьці. Бо яны даўно ператварыліся ў фікцыю, імітацыю, рытуал, які мала на што ўплывае. І гэта разумеюць як самі ўлады, так і грамадзтва.
У такіх краінах на першы плян выходзяць іншыя чыньнікі. Найперш тое, як дзейная ўлада дае рады праблемам і выклікам, якія паўстаюць перад грамадзтвам.
Напрыклад, у Кітаі падзеі на плошчы Цяньаньмэнь у 1989 годзе, калі танкі жорстка раздушылі масавыя пратэсты (загінулі сотні ці тысячы людзей), нанесьлі цяжкую нацыянальную траўму.
Каб пераадолець яе, камуністычныя ўлады паскорылі рынкавыя рэформы. Вынікам якіх стаў хуткі эканамічны рост, заўважнае паляпшэньне дабрабыту грамадзян, ператварэньне Кітая ў адну з звышдзяржаў.
То бок, легітымнасьць цяперашняга кіраўніцтва Кітая абумоўлена эканамічным посьпехам. Нагадаю, што органы ўлады ў гэтай краіне не выбіраюцца.
І адваротны прыклад. У Іране трыгерам нядаўняга пратэставага выбуху стаў эканамічны правал. Мясцовыя ўлады аказаліся няздольнымі вырашаць элемэнтарныя праблемы насельніцтва. Хоць фармальна і прэзыдэнцкія, і парлямэнцкія выбары там адбываюцца рэгулярна, паводле графіка.
Эканамічныя праблемы
Дарэчы, Лукашэнка інтуітыўна адчувае, што ступень ягонай падтрымкі ў грамадзтве ў значнай ступені залежыць ад сацыяльна-эканамічных чыньнікаў. Ён увесь час паўтарае, зьвяртаючыся да чыноўнікаў, маўляў, дайце мне эканоміку, і тады ўсё будзе добра.
І калі глядзець на эканамічныя вынікі, то яны даволі супярэчлівыя. З аднаго боку, у 2025 годзе адбываўся заўважны рост заробкаў. Аднак выявіўся відавочны перакос, бо гэтаму росту не спадарожнічала павялічэньне валавых паказьнікаў. Паводле пляну, ВУП павінен быў вырасьці на 4,1%, а ў рэальнасьці ён павялічыўся толькі на 1,3%.
А пяцігодка выявілася ўвогуле правальнай: рост ВУП на 7% пры пляне 21%. У зьвязку зь вялізнымі праблемамі, якія напаткалі расейскую эканоміку, пэрспэктывы залежнай ад яе Беларусі выглядаюць дрэннымі.
Абвешчаны паварот замежнай палітыкі да краін Глябальнага Поўдня пакуль не дае эканамічных вынікаў. Нягледзячы на рост кантактаў зь дзяржавамі гэтага рэгіёну, візыты самога Лукашэнкі і іншых чыноўнікаў, экспарт у краіны «далёкай дугі» за студзень-лістапад мінулага году скараціўся на 8%.
А часовае зьнікненьне бульбы з крамаў — можа адзін з галоўных сацыяльна-эканамічных вынікаў мінулага году ў масавай сьвядомасьці. З гэтай нагоды Лукашэнку давялося шмат разоў апраўдвацца.
Праблемы міжнароднай легітымнасьці
Цяпер, што тычыцца міжнароднай легітымнасьці. Гісторыя з арыштам Нікаляса Мадура паказала, што гэты чыньнік мае значэньне. Бо амэрыканцы, якія правялі гэтую апэрацыю, абгрунтоўвалі яе тым, што ня лічаць яго прэзыдэнтам Вэнэсуэлы з прычыны сумніўнасьці тамтэйшых выбараў.
Вонкава з гэтым пытаньнем, здаецца, для рэжыму выглядае ўсё нармальна. Адбыўся прарыў на амэрыканскім кірунку. Аднак, зьмена пазыцыі ЗША адносна Беларусі зьвязана не з прэзыдэнцкімі выбарамі ў Беларусі, а з прэзыдэнцкімі выбарамі ў Злучаных Штатах, прыходам да ўлады адміністрацыі Дональда Трампа.
Вось прэзыдэнт ЗША запрасіў Беларусь уступіць у створаную ім новую арганізацыю Рада міру. Афіцыйны Менск прыняў запрашэньне зь вялікім энтузіязмам. Лукашэнка падпісаў устаноўчыя дакумэнты гэтай арганізацыі, нават не чакаючы пазыцыі Расеі.
Але ўсё, што здарылася далей, якраз зьвязана зь міжнароднай легітымнасьцю рэжыму Лукашэнкі.
22 студзеня ў швайцарскім Давосе адбылося ўрачыстае падпісаньне дакумэнта аб стварэньні Рады міру. Там прысутнічала шмат кіраўнікоў дзяржаў-чальцоў новай арганізацыі на чале з Трампам.
Але Лукашэнкі сярод іх не было. Ён аказаўся адзіным кіраўніком з краін-сяброў Рады міру, які мае статус неўязнога ў Эўразьвяз.
Дзейнічаюць пэрсанальныя санкцыі супраць Лукашэнкі, якія ўвяла Швайцарыя, і іх ніхто не адмяняў. Да таго ж і самалёты зь Беларусі ў Эўропу ня лётаюць. Так што міжнароднае прызнаньне — гэта не абстракцыя, яно ўплывае на рэальную палітыку. І апошнія прэзыдэнцкія выбары тут мала што памянялі.
Читайте еще
Избранное