«Неверагодны спектакль крывадушніцтва з усёй гэтай гісторыяй kiss cam на канцэрце Coldplay»

Журналіст Дзмітрый Гурневіч — пра скандал вакол сямейнай здрады, якую свет выпадкова ўбачыў падчас канцэрту Coldplay.

– Неверагодны спектакль крывадушніцтва з усёй гэтай гісторыяй kiss cam на канцэрце Coldplay, – піша Гурневіч. – Ці не палова чалавецтва, СМІ, інфлюэнсераў, рагоча або дакарае галоўных герояў здарэння, забываючы пры гэтым важную дэталь.

Палова дарослага насельніцтва нашай прыгожай планеты, як кажуць даследаванні, здраджвае сваім партнёрам або партнёркам.

Здрада – гэта выбар і людзі натуральна павінны браць за яго адказнасць. Але не перад ананімнымі масамі, якія невядома з якога перапуду прызначылі сябе жаўнерамі маральнасці, а перад тымі, чый давер яны падвялі. (Дарэчы, мы не ведаем, якія там дамовы ўнутры абедзьвюх сем’яў).

Фэйсбук каторы дзень падкідвае выявы ангельскамоўных паблікаў і СМІ, дзе пішуць, як той CEO мог здрадзіць, калі яго жонка больш сімпатычная. Або як тая начальніца аддзелу кадраў магла здрадзіць свайму мужу, калі яе муж таксама CEO і яшчэ багацейшы.

Гэта дзівосныя пытанні ад дарослых людзей, і яны вельмі прымітывізуюць з’яву. Адкуль мы ведаем, што там адбывалася ўнутры і галоўнае, а нам та што да гэтага?

Мне там найперш шкада здраджаных і іх дзяцей, людзям, якім невыносна балюча, якія бачаць сваіх бацькоў нават на мемах агенцтваў рытуальных паслуг.

Ані кроплі не хачу бараніць тых, хто хаваўся ў тых славутых кадрах ад камеры. Але нам яны нічога не павінны.

Тыя, каму павінны, спадзяюся, спытаюць ад іх па поўнай. А адзіная лекцыя з гэтай гісторыі – прыватнае жыццё павінна быць табу для СМІ (калі не выказанае пажаданне адваротнага). 

Безадказныя людзі ператварылі жыццё сваіх блізкіх у пекла, а сацсеткі падлілі столькі алею, што полымя з Масачусэцу бачнае пад Клімавічамі.

А лекцыяй ад здрадаў гэты выпадак і так не стане. Наадварот, навучыць лепшай маскіроўцы.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.2(11)