Политика

Навумчык: «Праблема ж ня ў тым, што 2020-ты прывёў у палітыку неафітаў»

Палітычны аналітык — пра тое, чаму без асэнсаваньня мінуўшчыны немагчыма праектаваць будучыню.

— Паважанае ўкраінскае СМІ зьвярнулася па камэнтар наконт Сяргея Ціханоўскага, — піша Сяргей Навумчык. — Быў вымушаны выбачыцца і адмовіцца — бо ўстрымліваюся ад камэнтароў актуальных дзеяньняў якіх бы тое ні было пэрсаналіяў беларускай апазыцыі.

Сяргей Навумчык

Уласна, сваё стаўленьне выказаў яшчэ некалькі гадоў таму. Я зь вялікай чалавечай сымпатыяй стаўлюся да Сьвятланы Ціханоўскай (да незадавальненьня некаторых шаноўных паплечнікаў па былым БНФ) і лічу небясьпечным імкненьне да манапалізацыі Офісам (да незадавальненьня некаторых паплечнікаў шаноўнай Сьвятланы). Мая пазыцыя не зьмянілася ні ў першым, ні ў другім.

Не зьмянілася і пазыцыя адносна Сяргея Ціханоўскага, выказаная пасьля ягонай дэпартацыі.

Тады, пасьля першай прэс-канфэрэнцыі, я напісаў, што яму варта ўзяць працяглую паўзу — па-першае, каб элемэнтарна ачуняць ад пекла, у якое яго кінуў рэжым, а па-другое — каб зафіксаваць (у кнізе ці іншым чынам) падзеі пачатку 2020-га, бо там даволі шмат дасюль нявысьветленага (хоць бы наконт удзелу ў «выбарах» : немагчымасьць колькі-небудзь дэмакратычных выбараў пры Лукашэнку была, на мой погляд, відавочнай).

Працытую, што тады напісаў: «Роля ягоная — гістарычная. Як гэта ўсё пачыналася? Што ім рухала? Зь кім ён раіўся? І гэтак далей. Будзе вялікай стратай для Гісторыі, калі ён не прыгадае, не зафіксуе ў фактах, асобах і адчуваньнях тое, пра што ніхто іншы ў такім аб’ёме і з такой шчырасьцю сказаць ня зможа».

Зрабіць гэта ня позна і цяпер. Але праз паўгады будзе позна: тагачасныя факты і адчуваньні дэфармуюцца пад узьдзеяньнем сучасных працэсаў, асобаў і адчуваньняў.

Адзінае, магчыма, крыху пазьней паспрабую прааналізаваць ідэю «фінляндызацыі» — менавіта ў рэтраспэкцыі яе ўспрыманьня беларускімі палітыкамі цягам апошніх дзесяцігодзьдзяў

Праблема ж ня ў тым, што, як некаторыя кажуць, «2020-ты прывёў у палітыку неафітаў». Далучэньне новых людзей — плюс. У 1988-90-я таксама ў палітыку прыйшлі новыя асобы — Апазыцыя БНФ у ВС-12 складалася ня з колішніх сакратароў райкамаў.

Праблема ў іншым: мы тады кінуліся адшукваць і вывучаць у той час яшчэ схаваныя эпізоды нацыянальнай гісторыі, значнай жа колькасьці (ня ўсім) новых апазыцыйных палітыкаў тое, што адбывалася да іх — абыякава.

А шкада: без асэнсаваньня мінуўшчыны немагчыма праектаваць будучыню.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(25)