«Лукашэнка не хоча выпускаць з рук усе козыры. А іншых козыраў, акрамя палітвязняў, у яго няма»

Палітычны аглядальнік Віталь Цыганкоў выказаўся пра тое, як далей можа развівацца трэк беларуска-амерыканскіх стасункаў і ці варта чакаць працягу вызвалення закладнікаў рэжыму Лукашэнкі.

— Натуральна, перадусім амерыканская адміністрацыя хацела асцярожна высветліць, якая можа быць пазіцыя Лукашэнкі ў сэнсе перамоў па Украіне, ці можа ён быць не чыста прарасійскім. І мы ведаем, як Лукашэнка кажа людзям, з якімі сустракаецца, тое, што ім хочацца пачуць. Я ўпэўнены, што і ў дадзеным выпадку ён казаў, што насамрэч супраць вайны і хацеў бы з Амерыкай сябраваць, — разважае Цыганкоў у эфіры Еўрарадыё.

— Але я б не сказаў, што пытанне палітвязняў каштоўнасна іх не цікавіць. Кожная сустрэча павінна заканчвацца нейкай перамогай, і такая перамога — што кожны з амерыканскіх пасланнікаў прывозіў вызваленых палітвязняў, што адзначаў і Трамп у сваіх твітах.

Я не вельмі веру ў здзелку «ўсё на ўсё», адмену ўсіх санкцый на вызваленне ўсіх вязняў — бо Лукашэнка не хоча адразу ўсе свае козыры выпускаць з рук. А іншых козыраў, акрамя палітвязняў, у яго на сёння няма — ні пайсці супраць Расіі, ні правесці нейкую дэмакратызацыю ён не можа, бо гэта адразу страта ўлады.

Лукашэнка не будзе скідваць усе свае козыры, будзе выпускаць людзей па кропельках. Як казаў Астап Бэндэр: «За кожны скормлены вам вітамін я патрабую тысячу дробных паслуг». Але Захад пакуль нічога не дае.

Амерыка дала штосьці толькі ў сэнсе ідэалагічна-палітычным — сам прыезд <Келага>. Але ж рашэнняў пакуль ніякіх не было: санкцыі Трамп не адмяняў, працягнуў іх, Еўропа тым больш не ведае, пра што можна сёння размаўляць з Лукашэнкам.

На думку Віталя Цыганкова, ніякіх дзеянняў па змякчэнні стасункаў Захад рабіць і не будзе, бо вызваленне вязняў разглядае не як крок насустрач, а як «перадкрок», пасля якога можна будзе пачынаць размову.

То што — прыезд Келага быў разавай акцыяй, перамоўны трэк з Вашынгтонам зноў падвісне, а вызваленні прыпыняцца?

— На маю думку, прыезд Келага быў разавай акцыяй, а самі перамовы працягваюцца, — зазначае палітычны аглядальнік. — Няма такога, каб усё закрылася і ніякая палітыкі ў дачыненні Беларусі Дзярждэп не праводзіў, бо няма куды сунуцца.

Не, усё адно гэтая палітыка будзе, і на фоне вайны тым больш важна ўвесь час высвятляць сітуацыю: ці не сунецца Лукашэнка здуру ў вайну, ці гатовы рэжым на нейкія крокі насустрач.

Не варта чакаць маштабных падзей кшталту візіту Келага кожныя 2-3 месяцы, але тое, што стратэгічна праца працягваецца — гэта ёсць.

Выказванні былых палітвязняў і прадстаўнікоў дэмсіл, якімі б рэзкімі не былі, дадае Віталь Цыганкоў, «на працэс, як і на працяг рэпрэсій, не вельмі ўплываюць»:

— Хіба чарговае выказванне ў бок Лукашэнкі яго перамкне і ён не захоча з амерыканцамі сустракацца? Ды не, у яго свае інтарэсы тут, і яны палягаюць не ў змене пазіцыі дэмсіл, а ў змене пазіцыі Еўропы і ЗША.

Так што я катэгарычна супраць такой пастаноўкі пытання: давайце будзем цішэй, і можа быць, Лукашэнка адумаецца.

Зрэшты, мяркуе аглядальнік, разлік Мінска і Масквы на тое, што «галоўныя лялькаводы» з Вашынгтону паўплываюць на пазіцыю еўрапейскіх краін, таксама беспадстаўныя:

— Еўропа мае сваю ўласную палітыку, плюс — інэрцыю палітыкі.

Як у 2020-2021 годзе людзі абураліся, што санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі не ўводзяцца і чаму Еўропа так млява разганяецца — так цяпер адмяніць санкцыі яшчэ цяжэй.

Мусіць быць і кансенсус, і пэўныя падставы для адмены.

Мне здавалася (і ў гэтым я памыляўся), што прыканцы 2020-га, калі Лукашэнка здушыў пратэсты, ён мог зноў вярнуцца да старой палітыкі «лібералізацыя пасля санкцый». Але гэтага не адбылося. Чаму? На мой погляд, адказ адзін: вайна. І пакуль яна ідзе, не ўяўляецца магчымым, што ён пойдзе на гэты шлях. І народу баіцца, і сваіх баіцца, і Расія на дазволіць.

А калі ён не пойдзе ні на што, то з якой бы нагоды Еўропе ісці насустрач, адмяняць санкцыі? Еўрапейцы маюць свой гонар, і практычнай неабходнасці ў гэтым няма. То бок, для нейкага размарожвання стасункаў сітуацыя дастаткова неспрыяльная.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(9)