Кавалеўскі: «Зараз я чую словы Макея па-іншаму. Мне здаецца, ён спрабаваў нас папярэдзіць»

Кіраўнік Агенцтва еўраатлантычнага супрацоўніцтва Валер Кавалеўскі — пра былога міністра МЗС.

— Былі такія пагалоскі, што ў дні пратэстаў 2020 года дзесьці разглядаецца прашэнне Уладзіміра Макея аб адстаўцы, — прыгадаў Валер Кавалеўскі на Обычном утре. — І гэта разглядалася як вельмі важны крок.

Калі б сапраўды Макей сышоў тады з МЗС, гэта магло б вельмі моцна паўплываць увогуле на ўвесь рух.

Гэта чакалася, бо ўсё ж такі ён быў досыць ліберальным. Ён шмат зрабіў, каб Беларусь развярнулася да нашых еўрапейскіх суседзяў.

Валер Кавалеўскі

І ў яго атрымлівалася, у яго была выбудаваная свая ўласная знешнепалітычная канцэпцыя, якая працавала для Беларусі, пры гэтым як бы не адрываючы яе ад гандлёва-эканамічных адносінаў з Расіяй, што па-ранейшаму тады было важным прыярытэтам для эканамічага развіцця краіны. Але тым не менш балансу было значна больш.

І ў цэлым Макей быў прабеларускі, шмат рабіў для таго, каб беларускасць вярталася ў Беларусь, каб гэта было падкрэслена як наша адметнасць.

Таму былі чаканні. Яны ў рэшце не спраўдзіліся з вельмі сумнымі наступствамі і для Беларусі, і для грамадства, і для самога Макея.

Галоўнай прычынай, чаму так адбылося, Кавалеўскі называе асабістыя рызыкі, звязаныя з бяспекай.

— Гэта даволі складанае пытанне, што рабіць людзям, якія знаходзяцца ў сістэме — пратэставаць, сыходзіць ці заставацца і знутры рабіць так, каб не рабілася горш.

Насамрэч гэта такое экзістэнцыяльнае пытанне для многіх дыпламатаў, як сябе паводзіць.

Бо калі ты сыходзіш з сістэмы, ты фактычна губляеш магчымасць уплываць на тыя працэсы, якія там адбываюцца. Туды могуць прыйсці іншыя, у каго няма ніякіх маральных прынцыпаў, хто можа проста стаць людзьмі, якія выконваюць любыя загады. Гэта дылема, складаная сітуацыя выбару.

Але ў той час усё ж чакалася, што Макей зможа перайсці на бок людзей. У мяне асабіста былі чаканні, што гэта можа здарыцца.

Чаму гэтага не адбылося? Страх. Бо людзі такога ўзроўню, калі пакідаюць сістэму, адразу знаходзяцца ў групе падвышанай рызыкі. Таму яны думаюць пра тое, што робяць і якім чынам гэта можа адбіцца на бяспецы ўласнай і блізкіх.

Думаю, што ў Макея былі такія развагі, не толькі рацыянальныя, але і пра тое, як гэта адаб’ецца на яго бяспецы.

Фота ТАСС

Былы дыпламат таксама падзяліўся сваімі развагамі наконт смерці Макея.

— Мне здаецца, ён падышоў да канца свайго жыцця ў такім стане, калі зразумеў, што згубіў усё тое, што выбудоўваў шмат гадоў, што інвеставаў.

Гэта і знешняя палітыка, якую ён выпрацаваў на працягу сваёй працы ў міністэрстве. У яго было вельмі высокае месца ў дзяржаўнай сістэме. Ён быў уплывовы, набліжаны да Лукашэнкі чалавек. Меў даволі сур’ёзную рэпутацыю. Але ўсё гэта ён страціў.

Пасля 2020 года МЗС стаў такім «здрадніцкім органам» у вачах Лукашэнкі, і Макей, як яго кіраўнік, канешне, страціў вельмі шмат сваіх плюсаў і сваёй вагі.

І трэцяе, ён страціў рэпутацыю ў вачах беларускага народа. Тое, што ён, зноў жа, песціў, выбудоўваў вырошчваў, усё сышло.

З таго моманту і да сваёй смерці, мне здаецца, ён жыў у стане глыбокага стрэсу, адчуваючы, што страчана ўсё, што ты напрацоўваў за сваё жыццё. Былі падкрэсленыя моманты таго, як яму было складана ў гэтай сістэме, як яго засоўвалі там на самы апошні шэраг.

Таксама былі сітуацыя, на якія я звярнуў увагу тады і якія зараз я пераацаніў.

Напрыклад, вясной 2021 года Макей у інтэрв’ю аднаму з яшчэ незалежных выданняў выказваўся даволі ўльтыматыўна, нават з пагрозамі пра тое, што калі ўсё будзе працягвацца такім чынам, будзе нарошчвацца ціск, і вы павінны ведаць, што гэта прывядзе да знішчэння грамадзянскай супольнасці.

Калі я ў той час чытаў гэта, думаў: як ты можаш сабе ў прынцыпе дазваляць такое гаварыць, ты ж пагражаеш знішчэннем незалежным дэмакратычным інстытутам? Сёння я чую яго словы як папярэджанне, ад таго чалавека, які таксама ўклаўся ў гэтую справу, выбудову незалежных інстытутаў. Ён гаворыць: падумайце пра тое, што робіцца, вы можаце прывесці гэта да катастрофы.

Мне здаецца, у той момант Макей спрабаваў такім чынам нас папярэдзіць, што нам трэба падумаць пра тую стратэгію, якую мы ўжываем, якім чынам мы падыходзім да вырашэння гэтага ўнутрыпалітычнага крызісу. Зараз я чую яго словы па-іншаму.

Другая сітуацыя, якая была вельмі важная, — напярэдадні пачатку агрэсіі супраць Украіны. Тады Макей зрабіў даволі смелыя заявы пра тое, што расійскія войскі вернуцца ў Расію з Беларусі, што не будзе ніякай агрэсіі супраць Украіны.

Мяркую, у той момант ён робіць такія даволі рызыкоўныя крокі для сябе асабіста, асабіста сябе ставіць на лінію агню і ў вачах рэжыму, і ў вачах расіян, бярэ на сябе адказнасць, як бы спрабуе заякарыць гэтую пазіцыю, што расійскія войскі павінны выйсці з Беларусі, што яны вымушаны гэта будуць зрабіць па дамоўленасці.

Ёсць шмат версій наконт яго смерці, але тое, што мы ўсе ведаем, прычыны смерці застаюцца не да канца высветленымі. І гэта не выпадковасць. Зразумела, што хтосьці спрабуе схаваць нешта ад нас усіх.

Я не лічу Макея ні патрыётам, які працаваў на незалежную Беларусь, ні здраднікам беларускага народа.

Наогул гэта такі складаны партрэт.

Пры тым, што ён с прыязнасцю ставіўся да беларускасці, разам з тым ён быў супрацоўнікам спецслужбаў, разам з тым ён выбудоўваў незалежную знешнюю палітыку, разам з тым будаваў аўтарытарны рэжым Лукашэнкі.

Ён быў побач з Лукашэнкам на працягу дзесяцігоддзяў і таксама нясе адказнасць за тое, да чаго мы прыйшлі ў выніку. Думаю, такім было і яго пераасэнсаванне, — лічыць Кавалеўскі.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 3(6)