Скандалы

Кантрабанда на шарах. Як арганізаваная нелегальная дастаўка цыгарэт з Беларусі ў Літву

Жорсткія захады на мяжы вымусілі кантрабандыстаў шукаць новыя спосабы дастаўкі цыгарэт у Літву. Хіт сезону – кантрабанда на метэаралагічных шарах. Бюро разам з калегамі з LRT разбіралася, як уладкаваны гэты нелегальны бізнэс.

Літоўскія мытнікі знайшлі беларускія цыгарэты ў чыгуначным вагоне. Крыніца: muitine.lrv.lt

Зямлёй і паветрам

Сёлета літоўскія мытнікі і памежнікі затрымалі больш як шэсць мільёнаў пачкаў цыгарэт з беларускімі акцызнымі маркамі. Гэта амаль удвая больш, чым за ўвесь мінулы год.

Кантрабандысты хаваюць вялікія партыі цыгарэт у грузавіках і чыгуначных вагонах. У якасці тавараў прыкрыцця выкарыстоўваюцца харчовыя прадукты (агуркі, перцы, рыбныя кансервы), тавары для дома (цеплаізаляцыйныя матэрыялы, кандыцыянеры) і будаўнічыя матэрыялы (друз).

– Апошнія тэндэнцыі – кантрабандныя грузы робяцца большымі, а колькасць затрыманых на мяжы цыгарэт змяншаецца. Вялікая частка затрымліваецца ўнутры краіны, – расказаў «Бюро» прадстаўнік крымінальнай службы літоўскай мытні Гедзімінас Кулікаўскас.

На фоне міграцыйнага крызісу Літва пабудавала агароджу на мяжы з Беларуссю і закрыла чатыры з шасці пунктаў пропуску для барацьбы з кантрабандай і абыходам санкцый. Літоўская мытня ўзмоцнена правярае кожны аўтамабіль. У такіх умовах кантрабандысты шукаюць новыя маршруты і спосабы дастаўкі цыгарэт праз мяжу.

– Спачатку яны спрабавалі выкарыстоўваць для гэтага беспілотныя лятальныя апараты, але яны маглі перавозіць толькі невялікія колькасці. Акрамя таго, гэтыя беспілотныя лятальныя апараты былі даволі дарагімі. Іх страта значна зніжала прыбытак. Пасля гэтага былі прыдуманыя іншыя спосабы перапраўляць цыгарэты – з дапамогай паветраных шароў, – расказаў LRT намеснік кіраўніка Службы аховы дзяржаўнай мяжы (САДМ) Літвы Антанас Монтвідас.

Сёлета літоўскія памежнікі перахапілі каля 550 метэазондаў і 50 дронаў з кантрабандай з Беларусі. Канфіскавана больш як 890 тысяч пачкаў цыгарэт. Прытым не ўсе шары і дроны ўдаецца перахапіць, а прыкладна толькі траціну.

– Калі казаць пра беспілотнікі, то ў гэтым годзе мы зафіксавалі 181 палёт, з якіх 51 [беспілотнік] быў збіты. Гэта каля 28 працэнтаў. Аналагічна можна было ацаніць колькасць [выпадкаў] з паветранымі шарамі, – сказаў Монтвідас.

Метэазонды залятаюць у паветраную прастору Літвы, дзе курсіруюць самалёты. З-за гэтага некалькі разоў прыпыняў працу вільнюскі аэрапорт.

Літоўскі прэзідэнт Гітанас Наўседа назваў прылёты кантрабандных шароў «беспрэцэдэнтнай гібрыднай атакай супраць Літвы». У адказ літоўскі ўрад цалкам закрыў мяжу з Беларуссю да канца лістапада.

– Што з тэрыторыі Беларусі лёталі туды гэтыя шарыкі з цыгарэтамі – гэта праўда. І калі я сказаў, што мы разбярэмся, значыць, мы разбіраемся. І ведаем такіх людзей. Двух чалавек адразу мы вызначылі. А цяпер нібыта паўтара дзясятка. Учора [30 кастрычніка] мне старшыня КДБ далажыў, што ў нас такіх групаў людзей у Беларусі нямала, – прызнаўся Аляксандр Лукашэнка.

З пачатку гэтага года Дзяржаўны пагранічны камітэт Беларусі публічна даў справаздачу больш як пра 20 выпадкаў затрымання беларускіх грамадзян з шарамі і дронамі.

Падчас затрыманняў канфіскавалі 81 беспілотнік, 88 метэазондаў, 359 балонаў з газам, 98 GPS-трэкераў, 2 цеплавізары, 10 мабільных тэлефонаў і 36 сім-карт літоўскіх аператараў. Да прыкладу, у жніўні гэтага года сілавікі накрылі гараж з метэазондамі і падпольную майстэрню па вырабе дронаў у Гродне.

Гродзенскія памежнікі затрымалі беларусаў з газавымі балонамі і метэазондам. Крыніца: t.me/gpkgovby

Каб зразумець, як працуюць кантрабандысты, мы разам з партнёрамі з LRT вывучылі афіцыйныя зводкі і судовыя дакументы, пагаварылі з афіцыйнымі і ананімнымі крыніцамі.

Патрэбныя знаёмствы

Кантрабандысцкая супольнасць – закрыты калектыў. Каб патрапіць туды, трэба круціцца ў пэўных колах.

Адны маюць выхад на тытунёвую фабрыку, дзе можна набыць вялікую партыю цыгарэт. Іншыя шукаюць магчымасці, каб пераправіць гэты тавар праз мяжу. Трэція знаходзяць знаёмых, якія прададуць цыгаркі ў той жа Літве і перададуць грошы ў Беларусь.

– Ланцужок склаўся, і паехалі працаваць. Гэта свая супольнасць, свой калектыў. Проста ў гэтым таварыстве трэба мець зносіны і там круціцца. Цябе проста павінны ведаць.

Кожны шукае свой пралаз як адправіць – хто шарамі, хто цягнікамі, хто машынамі, хто па блоку праз мяжу вязе. Людзі стараюцца зарабіць грошай, – расказаў «Бюро» былы кантрабандыст.

Паводле ягоных слоў, заробленыя грошы раней у асноўным перавозілі наяўнымі праз мяжу, цяпер кантрабандысты для разлікаў часцей выкарыстоўваюць крыптавалюты.

– Кантрабанда з’явілася не ўчора і не заўчора. Гэтыя сеткі існуюць, яны былі і раней, калі не было фізічнага бар’еру. Цяпер проста змяніўся спосаб перавозкі кантрабанды, – сказаў намеснік кіраўніка САДМ Антанас Монтвідас.

Паветраныя кантрабандысты, мяркуючы па афіцыйных зводках, дзейнічаюць у памежных раёнах: Воранаўскім, Астравецкім, Гродзенскім. Яны звычайна перасоўваюцца ўздоўж мяжы на аўтамабілях.

У машынах перавозяць газавыя балоны, каб напаўняць метэаралагічныя шары геліем. Напампаваныя шары з цыгарэтамі запускаюць у бок Літвы, калі цёмна. Адзін шар здольны перавозіць у сярэднім тры скрынкі цыгарэт, або 1500 пачкаў.

Метэазонд можа праляцець дзясяткі кіламетраў ад месца запуску. На траекторыю руху моцна ўплывае вецер. Каб сачыць за перамяшчэннем зондаў, кантрабандысты карыстаюцца GPS-трэкерамі і актываванымі перадаплачанымі сім-картамі. Палова з іх, паводле звестак LRT, належыць літоўскім аператарам, астатнія сім-карты – польскія і латвійскія. Трэкер перадае каардынаты з дапамогай мабільнай сувязі. Па гэтых каардынатах кантрабандысты могуць хутка адшукаць метэазонд, загрузіць цыгарэты ў машыну, схаваць і потым перадаць рэалізатарам. Але ў іх не заўсёды гэта атрымліваецца. Некаторых затрымліваюць памежнікі.

Літоўскія памежнікі перахапілі метэазонд з цыгарэтнай кантрабандай. Крыніца: vsat.lrv.lt

Адзін з такіх паказальных выпадкаў апісаны ў пастанове Вільнюскага гарадскога суда. Літоўскі грамадзянін з ініцыяламі J.U. расказаў, што мае двух знаёмых з Беларусі – В. і П. Яны ўпершыню сустрэліся два гады таму, калі беларусы прыязджалі ў Літву па машыны. З тых пор і падтрымлівалі сувязь.

Беларусы не раз прапаноўвалі літоўцу падзарабіць на цыгарках. Ён доўга адмаўляўся, але потым пагадзіўся, бо не хапала грошай. Хаўруснікі звязваліся праз месэнджар Signal.

11 лютага каля 21:00 беларусы запусцілі ў Літву пяць метэаралагічных шароў. Да іх прымацавалі скрынкі з цыгарэтамі і GPS-датчыкі. Шары прызямліліся ў лесе ў раёне вёсак Раконіс і Сянасаліс за 40 кіламетраў ад Вільнюса.

Літовец шукаў іх па каардынатах, якія GPS-трэкер адпраўляў на ягоны тэлефон. На першы скрутак з цыгарэтамі ён патраціў дзве гадзіны. Калі знайшоў, то пагрузіў у VW Passat, адвёз дадому і схаваў у гаспадарчай пабудове.

Усяго за ноч ён зрабіў пяць ходак і сабраў 7 тысяч пачкаў цыгарэт NZ Gold. Дамоў літовец вярнуўся толькі ў 6:30 раніцы ўжо 12 лютага. Каля 12:00 яму патэлефанаваў адзін з беларусаў. Сказаў, што неўзабаве прыедзе чалавек па цыгарэты і расплаціцца з ім.

За кожны пакунак яму паабяцалі па 300 еўра. Але ніхто па цыгарэты не прыехаў. Літоўца затрымалі памежнікі. На судзе яму далі штраф у 19,4 тысячы еўра, а цыгарэты канфіскавалі.

Усяго ў гэтым годзе літоўскія пагранічнікі затрымалі больш за 100 чалавек, падазраваных у кантрабандзе. Некаторыя затрыманыя атрымалі турэмныя тэрміны, а некаторыя – вялізныя штрафы.

– Што да беларускага боку, то мы можам сказаць толькі тое, што ў прыгранічнай зоне на тым баку без дазволу памежнікаў і іншых структур ніхто не мог бы ажыццяўляць такую дзейнасць. Іх бы затрымалі і закрылі, – зазначыў намеснік кіраўніка САДМ Антанас Монтвідас.

Лукашэнка паспрабаваў апраўдацца за кантрабанду, але атрымалася недарэчна. Маўляў, беларусы да гэтага не маюць дачынення – яны абсалютна легальна набывалі цыгарэты на тытунёвай фабрыцы і перапрадавалі іх літоўцам, а ўжо самі літоўцы перапраўлялі тавары з Беларусі сваім хаўруснікам з дапамогай паветраных шароў.

– Калі я ў нечым вінаваты, зыходзячы з гэтага, я гатовы папрасіць прабачэння. Але я не бачу сваёй віны, я не бачу віны нашых людзей, – сказаў беларускі кіраўнік.

Выгадны бізнес

Як бы Лукашэнка ні спрабаваў перакласці адказнасць на іншых, беларускія ўлады сваімі рукамі стварылі спрыяльныя ўмовы для кантрабанды цыгарэт. У краіне даўно назіраецца лішак тытунёвай прадукцыі, а цэны на яе ў разы ніжэйшыя ў параўнанні з суседнімі краінамі.

Паводле апошніх даступных дадзеных, у Беларусі штогод выпускаюць прыкладна 34 мільярды штук цыгарэт (1,7 мільярда пачкаў). Крыху больш за палову прадаецца ўнутры краіны і на экспарт. Астатняе нелегальна вывозіцца за мяжу – у Расію і краіны ЕС.

Вытворчасць цыгарэт на тытунёвай фабрыцы «Нёман». Крыніца: proregion24.by

У 2024 годзе, паводле ацэнак кансалтынгавай кампаніі KPMG, з Беларусі ў Польшчу нелегальна вывезена 730 мільёнаў штук цыгарэт, у Літву – 440 мільёнаў штук, у Латвію – 180 мільёнаў штук.

Асноўная прычына кантрабанды – вялікая розніца ў цэнах на цыгарэты. У сярэднім 0,72 еўра за пачак у Беларусі супраць 4,46 еўра за пачак у Літве ў мінулым годзе.

– У Беларусі такая партыя цыгарэт [на метэазондзе] каштуе да некалькіх соцень еўра, а ў нас ужо будзе больш за тысячу. Сам шар – гэта невялікая цана, – зазначыў намеснік кіраўніка Службы аховы дзяржаўнай мяжы Літвы Антанас Монтвідас.

Сёлета літоўскія мытнікі часцей за ўсё затрымлівалі танныя цыгарэты NZ Gold, Minsk SuperSlims і Queen Menthol, якія вырабляе дзяржаўная тытунёвая фабрыка «Нёман» у Гродне. Усе пастаўкі з гэтай фабрыкі ідуць выключна праз кампанію «Энерга-Оіл», падкантрольную бізнэсоўцу Аляксею Алексіну.

У 2020 годзе ён з дазволу ўладаў адкрыў яшчэ адну тытунёвую фабрыку «Інтэр Табака». Алексін знаходзіцца пад санкцыямі ЕС і ЗША як «тытунёвы кашалёк» Лукашэнкі. Журналісты раней абвінавацілі яго ў магчымай кантрабандзе цыгарэт.

На літоўскай мытні не выключаюць, што беларускі рэжым можа мець дачыненне да нелегальнай дастаўкі тытунёвай прадукцыі ў ЕС.

– Мяркуючы па маштабах кантрабанды і складанасці метадаў хаваць яе (часам для гэтага выкарыстоўваюць нават заводскае абсталяванне) або проста па ступені талерантнасці да супрацьпраўнай дзейнасці, адмаўляць наяўнасць падобных сувязяў цяжка, – сказаў «Бюро» галоўны спецыяліст крымінальнай службы літоўскай мытні Гедзімінас Кулікаўскас.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(2)