Филин

Юлія Кот

Дракахруст: «Калі атмасфера прыгнятальная, дэпрэсіўная, і з надзеямі, што называецца, туга — людзі пачынаюць разбірацца са сваімі»

Збег абставінаў ці кампанія па дыскрэдытацыі? Филин абмеркаваў з палітычным аглядальнікам Радыё Свабода Юрыем Дракахрустам, што можа стаяць за гучнымі скандаламі ў шэрагах беларускай апазіцыі.

Два тыдні таму ў Турцыі знік кіраўнік міжнароднага дэпартаменту Беларускага фонду спартыўнай салідарнасці Анатоль Котаў. Родныя лічаць, што яго выкралі гвалтоўна, пэўнасці і новых звестак па справе дагэтуль няма.

А літаральна днямі ў дэмакратычных сілах адбыўся яшчэ адзін скандал: былая адвакатка, сяброўка КР Вольга Карпушонак апублікавала ў сацсетках абвінавачанні ў харасмэнце — на адрас кіраўніка Аб’яднанага пераходнага кабінета Паўла Латушкі. І тут пытанняў таксама больш, чым адказаў — уключна з тым, дзе цяпер знаходзіцца беларуска і ці не пад прымусам яна дзейнічае.

Рэакцыя беларусаў на гэтыя падзеі вельмі адрозніваецца. Безумоўна, знайшлося нямала тых, хто скептычна хмыкнуў: варта было нечага такога чакаць, панабіралі ў гэтую вашу апазіцыю людзей па аб’явах. Але гучаць і версіі, што ўсё значна глыбей, чым падаецца на першы погляд, і перад намі разгортваецца частка спланаванай кампаніі па дыскрэдытацыі апанентаў рэжыму Лукашэнкі.

— Я лічу, што гэтыя выпадкі — розныя, — зазначае ў каментары Филину палітычны аглядальнік «Радыё Свабода» Юры Дракахруст. — У сітуацыі з Котавым след спецслужбаў відавочны пры любым сцэнары.

Калі гэта выкраданне ці вываз чалавека пад прымусам, пад шантажом — то зразумела, чыім. Практычна выключана, што гэта асабістыя ці бізнэсовыя справы. Калі гэта, так бы мовіць, вяртанне шпіёна, «крата» — то таксама варыянт са спецслужбамі.

Юры Дракахруст

Што да кейсу Карпушонак—Латушка, то сам Латушка кажа, што гэта спецаперацыя. Я не ўпэўнены. Магчыма, так, але магчыма, і не. У рэшце рэшт, колькі мы бачым у свеце падобных абвінавачанняў адносна грамадскіх дзеячоў, акцёраў, палітыкаў — прычым людзі прыгадваюць і гісторыі шматгадовай даўніны.

Тым больш, сітуацыя з Латушкам у пэўным шэрагу з ранейшымі гісторыямі са Стрыжаком і з Гарэцкім. Прычым у тых сітуацыях Андрэй і Барыс прызналі сваю віну. Хоць там таксама маглі быць датычныя спецслужбы, мы не ведаем матывацыі тых жанчын, якія паскардзіліся на рассылкі непрыстойнага зместу  — спецслужбы маглі іх натхніць рабіць свае заявы.

Але, паўтаруся, у сітуацыі з Котавым след спецслужбаў для мяне абсалютна відавочны, а ў іншых выпадках — нельга сказаць на 100%.

— Калі ўсё ж гаворка пра аперацыю спецслужбаў, ці мае, на ваш погляд, значэнне час? Усё адбываецца цягам 2025 года — ці не таму, што разлік на «абнуленне паўнамоцтваў» Святланы Ціханоўскай не спрацаваў, і спрабуюць зайсці з іншага боку?

— Калі гэта ўсё — спэцаперацыя, то магчыма, так: вырашылі дзейнічаць канцэнтравана, дыскрэдытаваць шмат каго. А чаму менавіта зараз? Тут можа быць некалькі тлумачэнняў. Магчыма, што ў беларускіх уладаў не атрымалася ўчыніць «вывяржэнне з сану» Ціханоўскай на гадавіну выбараў 2020 году,  вырашылі заняцца іншымі.

Магчыма, што ў сувязі са сканчэннем тэрміну даўніны на тое, што ўлады называюць «экстрэмісцкімі злачынствамі», на ўнутрыбеларускім накірунку вызваліліся рукі — то можна заняцца і знешнімі справамі.

Тэарэтычна можа быць, што адыграла ролю змена стасункаў са Злучанымі Штатамі. Не думаю, што сувязь тут шчыльная. Але — калі ўладам не ўдалося змяніць статус Ціханоўскай, я сказаў бы, гэта ўдалося зрабіць Трампу. Тэлефанаванне з выразамі кшталту «вельмі шаноўны спадар прэзідэнт», «сапраўдны лідар» et cetera — пра статус Святланы Ціханоўскай як нацыянальнага лідара, прынамсі з боку ЗША, пасля такіх заяваў гаварыць не даводзіцца.

Як гэта можа быць звязана з падобнымі аперацыямі? Рэч у тым, што мы глядзім на падзеі не знутры сістэмы. А знутры выглядае не так адназначна, і вызваленне вялікай колькасці палітвязняў — гэта шок для яе. Кагосьці гэта можа палохаць, турбаваць; перад кімсьці паўстае прывід 2016-2019 гадоў, маўляў, лейцы распусцім, тут-та ворагі і пачнуць нас «шатаць». А каб яны таго не рабілі, трэба пачынаць кампанію іх сістэмнай дыскрэдытацыі. Так пэўны спакой і стабільнасць у сістэме мы захаваем, разважаюць людзі сістэмы.

Зрэшты, акрамя ўсіх гэтых варыянтаў, я не выключаю, што згаданыя выпадкі — вынік агульнай дэмаралізацыі. 5 гадоў пасля 2020-га — пэўны псіхалагічны рубеж. Для ўсіх зразумела, што рэвалюцыя не працягваецца. Яна скончылася, яна засталася ў 2020 годзе. І калі новыя імпульсы для Беларусі будуць адбывацца, яны, хутчэй за ўсё, не будуць звязаныя з 2020-м.

А ў сітуацыі дэмаралізацыі і разгубленасці такія гісторыі, скандалы ўзнікаюць часта ў грамадскіх рухах.

— Атрымліваецца, сёння дэмакратычныя сілы больш уразлівыя да падобных выклікаў, з якой бы прычыны тыя не адбываліся — і такія выпадкі будуць працягвацца?

— Гэтага нельга выключаць. Прынамсі, я не выключаю падобнага сцэнару.

Тут шмат фактараў. Гэта як сітуацыя ўнутры Беларусі, дзе няма ніякіх зрухаў, ніякай непадкантрольнай дзяржаве грамадскай актыўнасці, так і міжнародны кантэкст.

Шмат для каго з дэмсілаў былі істотнымі рашэнні ЗША па скарачэнні міжнароднай дапамогі, падтрымкі дэмакратыі, прасоўвання амерыканскай «мяккай сілы» — у прыватнасці, маю на ўвазе лёс USAID.

Тая ж змена пазіцыі ЗША: візіт Келага, потым тэлефанаванне Трампа — ўсё гэта мяняе кантэкст. Бо да апошняга часу было так: вось ёсць дыктатура, а ёсць Захад, які салідарна выступае супраць яе і не прызнае яе легітымнасць; а сёння — «вельмі шаноўны спадар прэзідэнт». Гэта таксама ўплывае на настроі.

І яшчэ адзін фактар, што павялічвае разгубленасць у дэмсілах. Скажу вельмі асцярожна: калі ў 2022-2023 годзе перамога Украіны ў вайне здавалася прынамсі магчымай, зараз імавернасць такога зыходу вайны знізілася. Дынаміка сітуацыі і на полі боя, і ў дыпламатычнай сферы не на карысць такога сцэнару. А калі атмасфера прыгнятальная, дэпрэсіўная, і з надзеямі, што называецца, туга — людзі пачынаюць разбірацца са сваімі.

— Аптымізму ў такіх перспектывах, скажам шчыра, «каля нуля».

— Так, але жыццё мяняецца, і ні з чаго не вынікае, што так будзе заўсёды. Увесь час узнікаюць новыя імпульсы, урэшце, прыходзяць новыя пакаленні. Пройдзе яшчэ некалькі гадоў, і ў жыццё ў Беларусі, дый у дыяспары, прыйдзе пакаленне, для якога 2020 год будзе даўніной. І яны будуць гуляць у іншыя гульні.

Варта сказаць, што і ўзрост правадыроў, Лукашэнкі і Пуціна, такі, што гэта можа выклікаць пэўныя змены. Не абавязкова, дарэчы, да лепшага — але гэта будуць змены.

У рэшце рэшт, калі сёння прыгадаць настроі канца 2019 году — можа, былі такія мудрацы, якія ўсё ведалі, усё прадбачылі. Але я, не самы недасведчаны чалавек, не памятаю, каб было адчуванне надыходзячых перамен. Яго не было нідзе.

Узгадваю справаздачы з сустрэч кандыдатаў у дэпутаты парламенту: адзін кандыдат — і пустая заля. Нікому гэта не было цікава. Нават на пачатку 2020 году на праймерыз апазіцыі, хоць там былі фігуры даволі вядомыя, прыходзіла літаральна некалькі чалавек. Грамадства здавалася спячым. Але праходзіць літаральна пару месяцаў — і адбываецца выбух неймавернай сілы. Ідзе на выбары Бабарыка, з’яўляецца Ціханоўскі, ідзе на выбары Ціханоўская, Цапкала, і грамадства ўзрываецца. Як, чаму?

І зараз казаць, што «гэта навек, так будзе заўсёды» — не. Перамены будуць. Але я не ведаю, калі. І ніхто не ведае.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.8(10)