«Цяпер на адной вуліцы — вайсковы завод, на другой — падаюць дроны, і ўсіх сьведкаў пакуе АМОН...»

У менскім двары на вуліцы Матусевіча разьбіўся беспілётнік. Якія наступствы гэта можа выклікаць, разважае Лявон Вольскі на Budzma.org.

Лявон Вольскі. Фота Дар'і Каляды

Нагода настроіць беларусаў супраць Украіны

Нейкім чынам беспілётнік даляцеў да Фрунзэнскага раёну беларускае сталіцы і там скончыў сваё існаваньне. Як так атрымалася? Хто вінаваты? Што рабіць?

На гэтыя заўсёдныя пытаньні нам бліжэйшым часам (а, можа, і не такім ужо бліжэйшым) адкажуць упаўнаважаныя прадстаўнікі сілавых структураў РБ (напрыклад, СК).

Яны знойдуць неабвержныя доказы ўкраінскага паходжаньня беспілётнага апарату, і нацкаваныя прапагандысты кінуцца з новай сілай брахаць на «ўкраінскую ваеншчыну» («будзет очэнь іньцярэсна»).

Дарэчы, добрая нагода яшчэ раз настроіць беларусаў, якія асабліва не задумваюцца на тымі працэсамі, што адбываюцца ў сьвеце, і сьвята вераць тэлевізару (так, такія яшчэ ёсьць) супраць Украіны і плаўна падвесьці да магчымасьці ўдзелу РБ ў вайне з «нацыстамі».

Знайсьці і абясшкодзіць

А пакуль што іншыя прадстаўнікі сілавых структураў (гэтым разам — АМОН) праводзяць затрыманьні людзей у раёне падзеньня дрона. Бо ў гэтай сытуацыі галоўнае — высьветліць, адкуль пайшла інфармацыя пра гэтае здарэньне. Хто менавіта апублічыў?

Неабходна як мага хутчэй знайсьці гэтую асобу (ці групу асобаў). Запрэсаваць яе (іх), зьбіць на мокры яблык і выкласьці ў інтэрнэт пакаяннае відэа. Каб наступным разам у такой сытуацыі чалавек сто разоў падумаў: выкладаць інфармацыю ў сеціва ці не?

Калі гэтыя людзі ня знойдуцца, можна прымусіць любога жыхара (жыхарку, групу жыхароў) раёну прызнацца ў тым, што ён гэта зрабіў, нават, калі ён гэтага не рабіў.

Мэтады даўным-даўно распрацаваныя савецкімі карнымі ворганамі і дагэтуль працуюць бездакорна.

Таму што ўся інфармацыя пра падобныя здарэньні мусіць сыходзіць не ад грамадзянаў, а ад сілавых структураў. І менавіта сілавыя структуры павінныя вырашаць — ці трэба апублічваць гэтую інфармацыю?

А тут — толькі сабраліся на нараду па гэтым выпадку, а ўжо нейкі ... (уставіць патрэбнае мацернае слова) выклаў здымкі і камэнтары. І панеслася...

Фантастычны сюжэт у стылі Netflix

Тым часам прыйшла інфармацыя, што ў сталіцы РБ, высьвятляецца, дзейнічае завод па вытворчасьці беспілётных апаратаў. Натуральна, што іх пастаўляюць у Расею (куды ж яшчэ!). І знаходзіцца ён на вуліцы Янкі Маўра, зусім недалёка ад Матусевіча.

І вось уявіце сабе фантастычны сюжэт у стылі Netflix: завод, канвэер. На гэтым канвэеры робаты зьбіраюць іншых робатаў — баявых дронаў.

І вось адзін, ужо цалкам сабраны беспілётнік, раптам прасякаецца ідэямі пацыфізму, і ягоны штучны інтэлект прымушае яго ўцякаць з заводу, ляцець у невядомым накірунку, каб толькі ня ўдзельнічаць у захопніцкай вайне, разьвязанай падступнай агрэсыўнай дзяржавай. Але зараду хапае даляцець адно да недалёкае вуліцы, дзе ён і сканчае жыцьцё самагубствам...

Сьвет зьмяніўся

А калі па-шчырасьці — дык сумнавата. І з вуліцай Матусевіча, і зь Янкі Маўра мяне шмат што зьвязвала ў мінулым жыцьці. Недалёка ад Маўра, на вуліцы Адоеўскага, я хадзіў у школу, там была мая дзіцячая паліклініка, там прайшло маё дзяцінства і частка юнацтва.

На Матусевіча я таксама пражыў не адзін год, там былі напісаныя «Тры Чарапахі» і «Лёгкія-Лёгкія», там стваралася «Крамбамбуля», там рабіліся праекты і пісаліся вершы й апавяданьні...

Цяпер на адной вуліцы — вайсковы завод, на другой — падаюць дроны, і ўсіх сьведкаў (а нават і ня сьведкаў — проста тых, хто трапіў пад руку!) пакуе АМОН... Сьвет зьмяніўся.

Відаць, трэба больш дакладна фармуляваць свае мары — мы ж усе спадзяваліся на зьмены, толькі не акрэсьлілі ў сваіх прозьбах да вышэшай сілы, якія дакладна мусяць быць гэтыя зьмены. Бачыце, усё зьмянілася, мы са зьдзіўленьнем глядзім на гэты новы сьвет, а голас зь нябёсаў пытаецца:

— Вы ж хацелі, вы прагнулі зьменаў?

— Так.

— Ну, вось.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.3(81)